МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

прыкладная геагр. дысцыпліна, якая вывучае прыродна-меліярац. сістэмы і комплексы, іх састаўныя ч. (прыродныя, тэхн., сац.-эканам.) для вызначэння аптымальных варыянтаў іх функцыянавання. Даследуе магчымасці захавання торфу пры меліярацыі зямель, пытанні выкарыстання азёр у меліярац. мэтах, будаўніцтва новых вадасховішчаў і сажалак, проціэразійнай аховы і ўрадлівасці глеб, фарміравання ландшафтна-меліярац. комплексаў і інш. На Беларусі праведзена прыродна-меліярац. раянаванне тэрыторыі, распрацаваны методыкі меліярац. ацэнкі прыродных рэсурсаў і ўмоў аптымізацыі меліяраваных глеб. Пытанні М.г. даследуюцца ў БДУ, БелНДІ глебазнаўства і аграхіміі, Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Белгіправадгасе. Вынікі меліярацыйна-геагр. даследаванняў выкарыстоўваюцца для найлепшага размеркавання меліярац. комплексаў, а таксама для арганізацыі маніторынгавых назіранняў.

Літ.:

Дьяконов К.Н., Аношко В.С. Мелиоративная география. М., 1995.

В. С.​Аношка.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)